include_once("common_lab_header.php");
Excerpt for Квадратурынавы маёнтак by , available in its entirety at Smashwords

This page may contain adult content. If you are under age 18, or you arrived by accident, please do not read further.


Аляксандар І. Бацкель



КВАДРАТУРЫНАВЫ МАЁНТАК




Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.


Электронная кніга падрыхтавана па выданні:


Бацкель, А. І.

Квадратурынавы маёнтак / Аляксандар І. Бацкель. — Вільня: Логвінаў, 2017. — 121 с.



Трэцяя кніга з жыцця ў ізаляцыі, у якой адбываецца пашырэнне сцен маёнтка, спроба ўцёкаў і эксперыменты з формай. «Квадратурынавы маёнтак» складзены са сто аднаго тэксту, кожны тэкст мае свае абмежаванні колькасці словаў – іх не больш за сто на кожнае апавяданне.

Кніга даследуе наваколле, пачуцці, стыхіі, асэнсоўвае падарожжы.

Рэкамендаваная да чытання па адной старонцы на дзень.




© Бацкель Аляксандар І. 2017

© Афармленне. Логвінаў, 2017

© Афармленні і распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

КВАДРАТУРЫН


у мяне маёнтак невялікі, і да гэтага часу ў ім не было асобнага працоўнага пакоя. я надумаў будаваць, але будаўніцтва — мая фобія. Сігізмунд Кржыжаноўскі падказаў мне выйсьце — мазь «Квадратурын». 

я прыгатаваў сумесь: тоўчаныя п’яўкі, чых-трава, маяран, цытрыны, журавіны, косткі абрыкосаў, попел спаленых кніг, атрамант старой асадкі, вазэлін, перапяліныя яйкі.

зьмесьціва было адкапанае зь зямлі праз тры

гады, і я ў гэты самы вечар, кульнуўшы пару кілішкаў, намазаў усе чатыры сьценкі і столь кладоўкі квадратурынавай мазьзю.

цяпер у мяне асобны кабінэт, сьцены якога разышліся ў бакі на сорак мэтраў. я ў пакоі пасеяў траву ды ірляндзкі мох, паставіў стары стол, крэсла і ноўтбук.


КАХАНЬНЕ


спачатку я зьеў сьцірку на алоўку, потым сам аловак, а потым сшытак і закладку.

зьеў кардонкавую пяцёрку, матузкі і гузікі з кашулі.

зьеў палову шкарпэткі і стос фанцікаў ад жуек. зьеў плястыкавую лінарку, якая давяла мяне да бальніцы.

я акрыяў і зьеў тузін дажджавых чарвякоў і стос казявак з носу.

зьеў формачку зь пяском і процьму травы.

я ня мог ня есьці, бо адносіны патрабавалі ад мяне быць мужным. бо яна глядзела на мяне ў дзіцячым садочку такімі прыўкраснымі вачыма і так прыгожа прамаўляла: «Ромка, калі ты мяне кахаеш, то зьеж гэтую асадку».

і я еў, бо кахаў.


КІНДЭР


можна лёгка ўявіць маю клясу — усе шэра-сінія, у калготах, з аднолькавымі заплечнікамі й пэналамі.

Косьцік быў адрозным, бо ўсе ведалі, што яго маці працуе на тэлебачаньні. хлопец выглядаў недагледжаным, брудным і неахайным ды распавядаў нам казкі: «я ўчора страляў з лука», «езьдзіў на спорткары», «выйграў у ціры».

мы ўсе ведалі, што ён ня хлусіць, бо пэрыядычна прыносіць на першы ўрок альбо магічную скрынку «Мілкі Ўэй з канструктарам Лега», альбо тузін «Кіндэраў» на зайздрасьць іншым.

а мы, усе астатнія, зьбіралі фішкі, фанцікі і рабілі лодачкі з кары і пісталеты з галінак, бо нават адзін кіндэр — звышсьвята, нечаканае, як Армагедон.

БАБУЛЬКІ


у горадзе С. не было прыпынку перад прыватным сэктарам, цягнік вёз адразу ў цэнтар. бабулькам з ускраін было цяжка ісьці пехатою тры кілямэтры да станцыі.

вырашылі зрабіць сваю станцыю, бліжэйшую.

ляціць электрычка — і раптам перад самым горадам бабуля на рэйках! добра, што своечасова адскочыла.

празь дзесяць мэтраў — яшчэ адна!

другая! трэцяя! чацьвертая!

машуць, жэстыкулююць!

на пятай бабульцы цягнік спыніўся, і тая пашыбавала да адчыніўшыхся дзьвярэй, дастала з-за сьпіны вядро, перакуліла яго і спачатку стала на вядро, а ўжо потым на першую прыступку.

пакуль бабулька нумар пяць прарабіла ўсё гэта, у астатнія вагоны пачалі прыходзіць з розных бакоў іншыя бабулькі зь вёдрамі.

гэта працягвалася год, кожны дзень. пакуль мясцовыя ўлады не паставілі плятформу і шыльду — станцыя «Моладзевая».

ЗАКЛАДКА


у мяне зьявілася новая фобія. кожны раз, калі я раскрываю кнігу, якую чытаю, натыкаюся на закладку: фотаздымак Кафкі і пералік яго раманаў — падарунак ад сябра, які ён набыў у музэі Кафкі ў Празе.

кожным разам, калі бачу гэтую закладку, мне становіцца сорамна, што я напісаў сёньня дзьве старонкі раману, і гэтыя старонкі — вымучаныя, нязграбныя і выглядаюць сіроткамі.

я адкладаю чытаньне і сядаю за стол пісаць, але ў выніку нічога не пішу, бо таксама неяк няёмка, што вось я пабачыў Кафку і мяне панесла пісаць.

вар’яцтва. давялося схаваць закладку ў кнігу, якую ўжо прачытаў, каб яна не засмучала мяне.


ВАДА


памыцца без вады магчыма.

у Афрыцы мыюцца мачою вярблюда.

нанайцы мыюцца сваім потам, пакуль таньчаць каля вогнішча ў кажухах, а потым прамоклыя кажухі скідаюць і адзяваюць сухое.

ёсьць спосаб ачысьціць скуру глінай...

гэта ўсё прыходзіла мне да галавы, калі я назіраў, як з майго крана ліецца кіпень і больш нічога.

вярблюда ў мяне няма.

таньчыць у кажуху — ніякага жаданьня.

і я ня быў настроены, каб у двары шукаць гліну, таму паехаў у краму і набыў дзьве велізарныя бутлі вады.

па дарозе ўзгадаў, што ў старажытныя часы эгіпецкія жанчыны наносілі на галаву кашэчыя сцакі і так сядзелі пад сонцам, асьвятляліся.

БІТ


васьмібітны чалавек мае роўна восем рысаў. ён размаўляе кароткімі, вельмі кароткімі сказамі, мае адзін погляд на жыцьцё, чытае толькі кнігі пра мянтоў, ходзіць толькі адным шляхам: дом — праца — крама/бутэрбродная — дом, п’е і есьць толькі тое, да чаго звык, і нічога іншага альбо новага не дадае. васьмібітны чалавек глядзіць толькі адзін тэлеканал і чытае толькі адну газэту, мае адно меркаваньне пра будову сьвету, як і шануе толькі аднаго прэзыдэнта. васьмібітны чалавек жыве ў краіне, дзе канстытуцыя і законы ўсё яшчэ захаваныя на дыскеце.

ЧАКАНЬНЕ


гэта як быццам ты доўга клеіў мадэль самалёціка і засталася адна дэталь да завяршэньня.

гэта калі ты сядзіш перад экранам кампутара і праз сэкунду пачнецца фільм любімага рэжысэра, на якi ты чакаў два гады.

гэта калі ты бяжыш зь мячом і разумееш, што ня толькі пас быў трапным, але ёсьць усе шанцы забіць вырашальны гол, і яшчэ сэкунда, галкіпэр пасьлізнуўся, а наперадзе пустая брама.

гэта калі ты атрымліваеш доўгачаканы ліст і пачынаеш ірваць капэрту, ведаючы, што ўнутры цябе чакае прыемнасьць.

так я сяджу аголены ўвечары на ложку і чакаю, калі яна выйдзе з ваннага пакою, бо шуму вады больш не чуваць.

ЗАБАРОНА


калі я ўзяў яе за руку, яна сказала, што на гэта існуе табу. яе прыватнае табу, як у Палінэзіі. я сказаў, што паважаю прыдуманыя ёю законы. але табу на рукі выглядае як забарона на дэсэрт: навошта мне яе вусны, калі яны цалкам даступныя, і мне непатрэбны яе грудзі, бо, да таго як іх крануцца, мне неабходны яе рукі. яна сказала, гэта прынцыпова, бо абяцала сваёй маці, што калі ўжо возьме кагосьці за руку, то гэта будуць толькі яе муж і дзеці.

і мы вырашылі павянчацца, бо рукі яе былі маленечкія, малочнага колеру, з кашэчымі кіпцюрыкамі, і да ўсяго пахлі цытрынамі.

ЦЕНЬ


старажытныя габрэі ведалі, што калі ў чалавека зьнікае цень, то жыць яму засталося ня больш за трыццаць дзён.

нас было чацьвёра, і мы зьбіраліся кожны першы дзень месяца толькі дзеля адной мэты — адмераць цені. мы прыкручвалі да швабры ліхтарык, уключалі яго і спрабавалі зрабіць так, каб на ўсіх нас аднолькава сьвяціла, каб нашыя цені з аднаго боку падоўжыліся.

мінулым разам у аднаго з нас цень быў удвая карацейшы, ён адмахваўся, казаў, што мы ня так сьвецім і кпім зь яго, але мы хутка пачалі піць і забыліся на наш сьмешны рытуал.

празь месяц мы сустрэліся ўжо ўтрох, але ніхто нават і не прапанаваў ізноў памераць цені… глупства ўсё гэта…

БЛЫТАНЬНЕ


Вацлаў пачаў блытаць цёплае зь мяккім. дакранецца да імбрыка, а той — мяккі, паднясе да твару падушку, а тая цёплая. здавалася б, гэта ніяк не магло паўплываць на яго жыцьцё, але справа ў тым, што праз гэтую дробязь, праз гэтую сьмешную акалічнасьць ён стаў непадобным да іншых — у яго зьявілася па шэсьць пальцаў на нагах і скура страціла валасы, стала абсалютна чыстая і гладкая, як у дзіцёнка. і калі ён кідаў лёд у кубачак з гарбатаю, ён хацеў, каб тая стала цяплейшай, і піў ён кіпень з-пад крану, і таму твар у яго быў чырвоны-чырвоны... Вацлаў больш не карыстаўся мяккай туалетнай паперай, бо тая для яго была зусім ня мяккаю, і еў ён толькі халодную ежу, бо тая падавалася цёплаю, і спаў ён днём, і пачаў жыць далёка ад людзей.

СТОЛ


пад маім старым сталом засталіся жыць зжаваныя жуйкі.

старыя налепкі нуль-першых «За Свабоду» і футбалісты разам з аголенымі фотамадэлямі.

пад сталом засталіся сьведкамі першых пякельных крананьняў толькі засохлыя сэплі. 

і там, пад сталом, засталіся першыя дарослыя заляцаньні і спатнелыя далоні, разгорнутыя падручнікі, падрыхтаваныя да экзамэнаў шпаргалкі ды вусьціш, што цябе пабачаць, калі ты рукаблудзіш, бо ў суседнім пакоі бацькі.

ПЛЯСТЫКА


страшна ўявіць, але ў Бэвэрлі Хілз зьявіўся маньяк, які палюе толькі на адмысловых жанчын.

ён высочвае сваіх ахвяр каля клінікі плястычнае хірургіі і нападае толькі на тых, каму грудзі рабіў доктар Стывэнс.

гэта такая своеасаблівасьць доктара Стывэнса, касмэтычнага хірурга, які вар’яцее ад сваёй працы, я сказаў бы — шалее.

ВОЧЫ


«мы былі такія бедныя, што я вымушаная была зімою насіць кеды і спартовую чырвоную куртку. кожную раніцу я бегла на працу. так сагравалася і выдавала на спартсмэнку.

у нас кожны дзень ежа была аднолькавая: бульба, цыбуля і шматок жоўтага сала. я на старым ровары выяжджала са сваім хлопцам за горад у лес кахацца, бо мы здымалі аднапакаёўку на пецярых.

але дамоў, у Карэю, нават і думкі няма вяртацца, бо Менск пры любым раскладзе больш прывабны і пэрспэктыўны».

распавядала мне мая сяброўка, а я куляў кілішкі і слухаў.

на двары быў сьвежасьпечаны Міленіюм.

у мяне былі грошы, каб забясьпечыць гэтае дзяўчо.

СЬМЕРЦЬ


у бальніцы пачалі паміраць пацыенты пасьля апэрацый. і менавіта ў пятніцу, увечары.

доўгі час ніхто ня мог разабрацца.

субота, раніца — у блёку рэабілітацыі пасьля апэрацыі зноў хтосьці адышоў у лепшы сьвет.

прааналізавалі, прасачылі, даведаліся.

вечар пятніцы, у адзін з пакояў заходзіць жанчына сталага ўзросту, крыху поўная, перад сабою завозіць прылады прыбіральшчыцы.

ходзіць акуратна па пакоі, працірае і так стэрыльны пакой, стараецца не пабудзіць пацыента.

потым дастае з разэткі вілку, устаўляе бязгучны партатыўны пыласмок і хуценька вакол зьбірае пылінкі.

а ў гэты час пацыент сыходзіць у іншы сьвет, бо апарат падтрымкі жыцьцядзейнасьці і вэнтыляцыі лёгкіх адключаны — прыбіральшчыца працуе.

ЧОРНЫ


я ведаю, як выглядае рак. ён глыбока чорны, матавы, бясконцы і паглынае астатнія колеры. такі колер належыць чорным дзіркам у космасе.

мама доўга хварэла, напрыканцы мы зарэгістраваліся пры хосьпісе і засталіся дома. быў жнівень.

у сакавіку мы паехалі за горад і адкапалі тры бярозкі.

я бегаю пад вокнамі першага паверха. мама глядзіць на мяне з пакоя і рукой паказвае, куды садзіць бярозкі, худая, стомленая, але абсалютна моцная і нязломленая.

калі яе ня стала, акурат на Вялікдзень, бярозкі ўчарнелі. засталіся жывымі знутры, але звонку іх ахінула вусьцішная чарната. счарнелае лісьце апала, і яны цяпер стаяць самотнымі, бо былі патрэбныя толькі маме.

ГАРНІТУР


калі яна пачынала на яго крычаць і сварыцца апошнімі словамі, ён ціха сыходзіў у ванны пакой. спачатку сядаў на ўнітаз, потым прымаў душ, чысьціў зубы, галіўся і прычэсваўся.

надзяваў новыя майткі і саколку, потым — белую новую кашулю, далей ён апранаўся ў свой фірмовы чорны гарнітур і нацягваў лякаваныя чорныя чаравікі.

выходзіў вонкі, сядаў перад домам і чакаў, калі ў яго ад гэтай жудаснай бабы і яе сварак спыніцца сэрца і ён памрэ, але будзе гатовы сустрэць сьмерць, каб ніхто потым не клапаціўся пра яго.

сядзеў на лаўцы, акуратна курыў па ветры, каб попел не ляцеў на яго.

ЖАРТ


сярод маіх любімых нацый габрэйская — самая любімая. яе варта шанаваць і любіць нават не за гістарычны эпас, Біблію і процьму іншага. дастаткова толькі паслухаць, як і з чаго жартуюць габрэі. толькі габрэй можа шчыра ўсьміхнуцца з Халакосту альбо расказаць анэкдот пра Гітлера. і толькі ў габрэя гэта атрымаецца адначасова невымоўна трагічна і сьмешна.


Purchase this book or download sample versions for your ebook reader.
(Pages 1-13 show above.)